Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рыжанкоў прыняў копіі даверчых грамат апостальскага нунцыя Чэфалья


Першая сустрэча каталіцкіх біскупаў з апостальскім нунцыем у Беларусі архібіскупам Іньяцыё Чэфалья
Першая сустрэча каталіцкіх біскупаў з апостальскім нунцыем у Беларусі архібіскупам Іньяцыё Чэфалья

Міністар замежных справаў Максім Рыжанкоў сёньня прыняў копіі даверчых граматаў апостальскага нунцыя ў Беларусі Іньяцыё Чэфалья.

Пра гэта паведамляе інфармацыйнае агенцтва «Позірк» з спасылкай на прэсавую службу МЗС.

Адзначаецца, што падчас сустрэчы бакі абмеркавалі «актуальнае становішча Рымска-Каталіцкай царквы ў Рэспубліцы Беларусь, стан двухбаковых адносінаў, пэрспэктывы актывізацыі дыялёгу з Ватыканам, у тым ліку з улікам адкрыцьця сёлета амбасады Беларусі пры Апостальскай сталіцы».

Таксама Рыжанкоў і Чэфалья «абмяняліся думкамі аб актуальных тэмах міжнароднага парадку дня» і «пацьвердзілі падабенства падыходаў Беларусі і Ватыкану да дасягненьня міру ў Эўропе, захаваньня традыцыйных каштоўнасьцяў, умацаваньня міжканфэсійнага дыялёгу».

Акрамя гэтага, як паведамляецца, на сустрэчы абмяркоўвалі «шляхі рэалізацыі ініцыятываў» Аляксандра Лукашэнкі «для ўмацаваньня ролі традыцыйных канфэсіяў у Беларусі, уключаючы Рымска-Каталіцкую царкву».

Першая сустрэча каталіцкіх біскупаў з апостальскім нунцыем у Беларусі арцыбіскупам Іньяцыё Чэфалья прайшла ў Менску 26 чэрвеня.

25 сакавіка нябожчык папа Рымскі Францішак прызначыў Чэфалья апостальскім нунцыем у Беларусі, адначасова прысвоіўшы дыплямату сан архібіскупа.

Новы прадстаўнік папы Рымскага ў Беларусі нарадзіўся ў Палерма (Італія) 28 красавіка 1975 году. Прэзьбітэрскае пасьвячэньне атрымаў 6 жніўня 2003 году. Быў накіраваны ў дыяцэзію П’яна-дэльі-Альбанэзі. Вывучаў кананічнае права. Дыпляматычную службу пачаў у 2006 годзе.

Працаваў у апостальскіх нунцыятурах у Эквадоры, Тайляндзе, сталай місіі пры Радзе Эўропы, сэкцыі дачыненьняў зь дзяржавамі і міжнароднымі арганізацыямі Дзяржаўнага сакратарыяту Ватыкану, да апошняга часу — у Вэнэсуэле.

Пасада нунцыя ў Беларусі заставалася вакантнай з 28 чэрвеня 2024 году, калі яе пакінуў архібіскуп Антэ Ёзіч, прызначаны дыпляматычным прадстаўніком папы ў Грузіі і Армэніі.

Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году адносіны дзяржавы і Каталіцкай царквы ў Беларусі ўскладніліся ў сувязі з тым, што многія каталіцкія герархі і вернікі адкрыта выступілі супраць хвалі гвалту і рэпрэсіяў падчас масавых пратэстаў супраць фальсыфікацыі вынікаў галасаваньня на карысьць Лукашэнкі.

Паводле ініцыятывы «Хрысьціянская візія», на 25 чэрвеня з рэпрэсіямі ў той ці іншай форме сутыкнуліся ня менш за 38 сьвятароў.

23 ліпеня стала вядома, што пасьля знаходжаньня ў Менскім СІЗА палітвязьня Генрыха Акалатовіча ў пачатку ліпеня зноў накіравалі ў калёнію № 2 у Бабруйску, дзе ён ужо адбываў пакараньне. Пра гэта паведаміла інтэрнэт-выданьне Katolik.life са спасылкай на свае крыніцы.

Паводле выданьня, вернікі парафіі, дзе служыў ксёндз Акалатовіч, спадзяваліся на яго датэрміновае вызваленьне з калёніі. Падставай для такога спадзеву яны лічылі прыезд у Беларусь новага дыпляматычнага прадстаўніка Ватыкану, а таксама зьвесткі пра перавод Акалатовіча з калёніі ў Менскае СІЗА № 1.

Аднак «прыезд новага апостальскага нунцыя пакуль ніяк не паўплываў на сытуацыю», — адзначаюць вернікі, якім стала вядома, што Генрыха Акалатовіча з Менскага СІЗА зноў вярнулі ў калёнію № 2 у Бабруйску.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG